ЗЯЛЁНЫ ДЗЯ́ЦЕЛ (Picus viridis),

птушка сям. дзятлавых атр. дзятлападобных. Пашыраны ў Еўропе і Зах. Азіі. Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца пераважна на Палессі; занесены ў Чырв. кнігу. Нар. назвы зялёная жаўна, жаўна.

Даўж. да 37 см, маса да 250 г. Афарбоўка жаўтавата-зеленаватая. спіна ярка-зялёная, надхвосце бліскуча-жоўтае. Ад дзюбы па баках галавы і шыі ідуць чорныя «вусы», у самцоў яны з чырвонымі стракацінамі. Брушка бледна-зеленаватае, зрэдку з цёмнымі стракацінамі. У маладых птушак стракаціны шматлікія, цёмныя. Гнёзды ў дуплах дрэў. Нясе 5—9 яец. Корміцца мурашкамі, жукамі-вусачамі, златкамі, дрэвагрызамі, караедамі і інш.

Зялёны дзяцел.

т. 7, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)